ФЕАДО́СІЙ КАСО́Й (? — сярэдзіна 1570-х г.),
рэлігійны вальнадумец і прапаведнік у Маскоўскай дзяржаве і ВКЛ; адзін з кіраўнікоў рэфармацыйнага руху ва Усх. Еўропе. Ідэолаг радыкальнай антыправасл. ерасі — феадасіянства. У 1554 прыцягнуты да следства па справе рус. вальнадумца М.Башкіна і зняволены ў адзін з маскоўскіх манастыроў. Уцёк на Беларусь, дзе жыў у 1550—60-я г. (спачатку ў Віцебску). Крытыкаваў царк. абраднасць, афіц. веравучэнне, правасл. царкву як сац. ін-т і духавенства як носьбіта ўласцівых царкве заганаў. Адмаўляў боскую прыроду Хрыста, не верыў у святых і цуды, у замагільнае жыццё і ўваскрэсенне мёртвых, крытыкаваў шанаванне абразоў, асуджаў феад. адносіны і ўладу, заклікаў да грамадскага непадпарадкавання. Выступаў за роўнасць народаў і веравызнанняў. Ідэі Ф.К. мелі шырокую падтрымку сярод гар. нізоў Беларусі і ўвогуле ВКЛ. Феадасіянства стала агульнаславянскай з’явай і адыграла немалую ролю ў генезісе антыфеад. тэндэнцый у ходзе Рэфармацыі ў ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай, уяўляла небяспеку для духоўнай манаполіі правасл. царквы. Пад пагрозай расправы Ф.К. з аднадумцамі прымусілі пакінуць Віцебск. Самыя познія звесткі пра Ф.К. датуюцца сярэдзінай 1570-х г., калі ён прапаведаваў на Валыні. Прадаўжальнікам феадасіянскіх традыцый на Беларусі быў С.Лован.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI—начало XVII в.). Мн., 1970.
т. 16, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)